Экспертыза ў нарматворчым працэсе – гэта даследаванне і ацэнка зместу нарматыўнага прававога акта або праекта нарматыўнага прававога акта з мэтай вызначэння магчымых прававых, палітычных, фінансава-эканамічных, сацыяльных, крыміналагічных, экалагічных, дэмаграфічных і іншых наступстваў прыняцця (выдання) нарматыўнага прававога акта. Правядзенне экспертызы з’яўляецца адным з неад’емных элементаў нарматворчага працэсу і накіравана на забеспячэнне якасці нарматыўнага прававога акта. Асноўнымі нарматыўнымі прававымі актамі, якія замацоўваюць віды экспертызы, выпадкі і парадак яе правядзення, з’яўляюцца:
- Закон Рэспублікі Беларусь ад 10 студзеня 2000 года
”Аб нарматыўных прававых актах Рэспублікі Беларусь“;
- Палажэнне аб Нацыянальным рэестры прававых актаў Рэспублікі Беларусь, зацверджанае Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь
ад 20 ліпеня 1998 г. № 369 ”Аб Нацыянальным рэестры прававых актаў Рэспублікі Беларусь“;
- Правілы падрыхтоўкі праектаў нарматыўных прававых актаў, зацверджаныя Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 11 жніўня 2003 г. № 359 ”Аб мерах па ўдасканаленню нарматворчай дзейнасці“;
- Палажэнне аб парадку правядзення крыміналагічнай экспертызы праектаў законаў, зацверджанае Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь
ад 29 мая 2007 г. № 244 ”Аб крыміналагічнай экспертызе праектаў законаў Рэспублікі Беларусь“.
Грунтуючыся на палажэннях Закона Рэспублікі Беларусь
”Аб нарматыўных прававых актах Рэспублікі Беларусь“, экспертызу ў нарматворчым працэсе магчыма падраздзяліць на:
- абавязковую і неабавязковую;
- юрыдычную, крыміналагічную, фінансавую, эканамічную, экалагічную і іншую (у залежнасці ад тэматычнага характару экспертызы).
Да абавязковай экспертызы ў нарматворчым працэсе адносяцца юрыдычная і крыміналагічная экспертыза.
Фінансавая, эканамічная, экалагічная і іншыя віды экспертыз праектаў нарматыўных прававых актаў праводзяцца па рашэнню адпаведнага нарматворчага органа (службовай асобы), акрамя выпадкаў, калі заканадаўчымі актамі замацавана правядзенне экспертызы ў абавязковым парадку.